МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ БЕЛАРУ́СКАЙ ЛІТАРАТУ́РЫ дзяржаўны.

Засн. ў Мінску ў 1987. Пл. экспазіцыі каля 400 м². Больш за 32 тыс. экспанатаў (2000). Калекцыю музея складаюць матэрыялы пра літ. творчасць бел. народа ад старажытнасці да сучаснасці. Зберагаюцца друкаваная «Мінея» 17 ст.( выданні Гродзенскай, Полацкай, Нясвіжскай, Віленскай друкарань 18—19 ст. на польскай і лац. мовах, прыжыццёвыя выданні В.Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка», «Гапон», Я.Чачота «Сялянскія песенькі...», Я.Лучыны «Вязанка», творы М.Багдановіча, З.Бядулі, Я.Коласа, Я.Купалы, Цёткі і інш., асабістыя рэчы, рукапісы, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі К.Акулы, А.Астрэйкі, А.Бабарэкі, В.Быкава, М.Гарэцкага, П.Глебкі, С.Грахоўскага, У.Дубоўкі, У.Караткевіча, А.Куляшова, М.Лужаніна, М.Машары, Я.Пушчы і інш. Мае філіялы: музеі-сядзібы Ф.Багушэвіча ў Кушлянах (Смаргонскі р-н) і А.Міцкевіча ў Завоссі (Баранавіцкі р-н), музеі Гарэцкага ў в. Багацькаўка (Мсціслаўскі р-н) і К.Чорнага ў в. Цімкавічы (Капыльскі р-н), гісторыка-літ. музей у Гарадку (Маладзечанскі р-н), музей вызваленчага руху ў в. Плябань (Маладзечанскі р-н).

Т.П.Аніскавец.

т. 11, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)